?

Log in

No account? Create an account

[icon] Мифы белорусской социологии... - Социология в Беларуси — ЖЖ
View:Свежие записи.
View:Архив.
View:Друзья.
View:Личная информация.

Tags:
Security:
Subject:Мифы белорусской социологии...
Time:06:30 am

© Кацук М. Міты беларускай сацыялёгіі [Электронны рэсурс] // ARCHE. - Электрон. версія часопіса. - 2005. - № 5 (39). - Рэжым доступу (на 18.03.2007): http://arche.bymedia.net/2005-5/kacuk505.htm, свабодны. - Загал. з экрана.





КАЦУК Николай Леонидович, научный сотрудник Института социологии НАН Беларуси, преподаватель.
LJ-user: kolik8





Мікола Кацук

Міты беларускай сацыялёгіі


Падваліны незалежнасьці

Тэза, зь якой я хацеў бы пачаць, сфармуляваная П'ерам Бурдзьё. Яна палягае ў тым, што сацыялёгія можа быць незалежнай толькі тады, калі яна - дакладней яе творцы-сацыёлягі - кіруюцца выключна сацыялягічным інтарэсам. Гаворка ідзе пра аўтаномію поля сацыялягічнай вытворчасьці. Аўтаномію як магчымасьць і здольнасьць устанаўляць уласныя правілы для ўласнай дзейнасьці.
Тэза, якая здаецца відавочнай, калі нат не трывіяльнай, прыводзіць да парадаксальных высноваў. Як піша Бурдзьё, "сацыяльныя навукі павінны былі заваяваць незалежнасьць ад палітыкі і палітыкаў, а дзеля гэтага неабходна было давесьці сваё права на ўласныя нормы валідызацыі і - асабліва - адстаяць права самім вызначыць кола праблемаў, якія павінны імі вырашацца, г.зн. праблемаў чыста сацыялягічных, адрозных ад "сацыяльных" ці "палітычных" [1].
Іначай кажучы, там, дзе вырашаюцца сацыяльныя, палітычныя, эканамічныя і любыя іншыя праблемы, сацыялёгіі як навукі няма і быць ня можа. Аднак дамінантная ўстаноўка сацыялягічнай адукацыі палягае якраз у адваротным, а менавіта: у прадукаваньні выканаўцаў, гатовых брацца за любую вонкавую, несацыялягічную праблему. Сама структура сацыялягічнай веды будуецца пэдагогікай у строгай адпаведнасьці з структурай дзяржаўнага апарату, дзе ўсялякай галіне сацыялёгіі [2] адпавядае калі не галіна народнай гаспадаркі, то, прынамсі, сваё міністэрства альбо камітэт. Сацыялёгія працы, сацыялёгія права, сацыялёгія мэдыцыны і нават сацыялёгія культуры, якая дасьледуе наведвальнасьць бібліятэк, - усё знаходзіць сваіх двайнікоў у калідорах адміністрацыяў, упраўленьняў і ведамстваў.
Прадбачачы магчымыя рэакцыі аб аўтарытарнасьці дзяржавы і гераізьме барацьбітоў за дэмакратыю, адзначу - гэта не праблема Беларусі, гэта праблема сацыялёгіі наагул. Фізык альбо матэматык валодаюць манапольнымі правамі на выказваньні аб фізычным ці матэматычным сьвеце. Ніхто не зьдзіўляецца таму, што матэматык вырашае матэматычныя праблемы. Аўтаномія сацыялёгіі, апроч імпліцытнага дзяржаўнага інтарэсу да кіраваньня дзяржавай, парушаецца і адкрытасьцю сацыяльнага даксічным інтэрпрэтацыям.
Пад доксай разумеецца сама сабой зразумелая, відавочная, нерэфлексіўная веда аб сацыяльным сьвеце. І пытаньне нават не ў фармальна-лягічным супрацьпаўстаўленьні ісьціны і доксы - і тое, і другое зьяўляюцца неабходнымі элемэнтамі сацыяльнага ўладкаваньня. Адрозьненьне паміж ісьцінай і доксай мае гістарычны характар і вызначаецца іх роляй у працэсах вытворчасьці/адтварэньня грамадзкага жыцьця. Даксічная веда дазваляе захоўваць саматоеснасьць грамадзтва, яго status quo; падзея ісьціны можа парушыць структурную раўнавагу сацыяльнай сыстэмы, робячы немагчымыя практыкі магчымымі.
Адкрытасьць веды аб грамадзтве доксе праяўляецца ў тым, што для інтэрпрэтацыі сацыялягічных дадзеных не патрабуецца якой-любя спэцыфічнай кампэтэнцыі. Прасьцей кажучы, дастаткова мінімальных ведаў у арытмэтыцы, каб рабіць далёкасяжныя высновы [3].
Гэтая акалічнасьць мае і адваротны эфэкт. Любая сацыялягічная інфармацыя, што падаецца спажыўцу, ці то непасрэднаму замоўцу, ці то, у крайнім выпадку, аўдыторыі СМІ, павінна адпавядаць ягоным чаканьням, быць аформленай і адпавядаць патрабаваньням, далёкім ад лёгікі навуковай вытворчасьці.
У залежнасці ад спэцыфікі палёў, што ўзаемадзеюць з полем сацыялёгіі, гэтыя скрыўленьні могуць быць рознымі. Але так ці іначай усе яны накладаюцца на ўжо існую гістарычна абумоўленую структуру поля. Дзеля гэтага неабходна ўявіць сацыялёгію ў станаўленьні. Пры гэтым, зраблю засьцярогу, грунтоўнага аналізу поля навукі дагэтуль не праводзілася. Мабыць, таму, што бальшыня сацыёлягаў баіцца непазьбежных канфліктаў, выкліканых такім самаапісаньнем.


Генэалёгія поля

Тым ня менш, можна зрабіць папярэднія накіды. Сацыялёгія ў Беларусі, зь якога боку гэта ні ацэньваць, - спадкаемца савецкай сацыялёгіі. І рэч нават ня столькі ў ідэалягічным прэсінгу, колькі ў разрыве з традыцыяй апісаньня грамадзтва [4] і параў¬наўча больш моцнай залежнасьці ад філязофіі. Сацыялёгія наагул, пачынаючы з контаўскага "Курсу пазытыўнай філязофіі", становіцца магчымай толькі пры разрыве зь філязофскай устаноўкай. У нашым выпадку гэты разрыў прыпазьніўся, адбываўся ў больш сьціслыя тэрміны і дагэтуль ня зьдзейсьнены, доказам чаму служаць "новыя" падручнікі сацыялёгіі.
Савецкая дзяржава была ўнікальная, паколькі будавалася на аснове філязофіі. З пэрыядам адноснай стабілізацыі сыстэмы, які прыпаў на паваенныя гады, узьнікае "прафэсійная" дыфэрэнцыяцыя на "філёзафаў-практыкаў", то бок партыйных лідэраў, і "філёзафаў-тэарэтыкаў", то бок прадстаўнікоў акадэмічнай філязофіі, вымушаных вынаходзіць усё новыя і новыя абгрунтаваньні дзейнасьці першых адпаведна зь зьменлівай лініяй партыі (балазе марксізм-ленінізм даваў для гэтага ўсе магчымасьці).
Інтарэс да сацыялёгіі і яе другое нараджэньне прыпадае на 1960-я, калі сыстэма пачынае даваць збоі. Паказальная сама тэматыка працаў - эканамічная, прамысловая сацыялёгія, што ставіць мэтай "выяўленьне ўнутраных рэзэрваў", і крыху пазьней - цэмэнтуючая ідэалёгія нашталт "сацыялістычнага ладу жыцьця і ягонай ролі ў разьвіцьці жывёлагадоўлі".
Сацыялягічнай адукацыі як такой няма. Вядзецца падрыхтоўка філёзафаў з магчымай спэцыялізацыяй у гістарычным матэрыялізьме (значыцца, і ў сацыялёгіі таксама). Дарэчы, можна пераканацца, што ў 1970-я - 1980-я сацыялягічныя дысэртацыі абараняліся пад ВАКаўскім шыфрам "гістарычны матэрыялізм". Зразумела, у той час быць філёзафам са спэцыялізацыяй у навуковым камунізьме, праблеме матэрыі і сьвядомасьці, тэорыі пазнаньня, гісторыі філязофіі было больш прэстыжна і выгадна, чым якім-небудзь "няўдачнікам", які ўвесь час бегае з анкетамі і падлічвае "хі-квадраты" ўручную. Хаця, дзеля справядлівасьці, варта адзначыць, што становішча сацыёляга не было зусім ужо бядотным. Камандзіраванага сустракалі на ўзроўні другога сакратара райкаму і выбача¬ліся, калі "Волга" белая.
Яшчэ адно пацьвярджэньне - назвы факультэтаў, што ў канцэнтраваным выгля¬дзе адлюстроўвалі герархію дысцыплінаў. Прынамсі, у БДУ эвалюцыя назваў была наступная: гістарычны факультэт (філёзафы са спэцыялізацыяй), філязофска-эканамічны (зьяўленьне сацыёлягаў, псыхолягаў, культуролягаў), факультэт філязофіі і сацыяльных навук (адасабленьне эканамістаў, замена культуролягаў на "інфармацыю і камунікацыю").
Прыведзеныя прыклады сьведчаць, сацыёляг быў убудаваны ў сыстэму на ўзроўні тэхнічнага памочніка філёзафа і/альбо адміністратара.
Сытуацыя кардынальна мяняецца зь перабудовай, калі практычная скіраванасьць сацыялёгіі дапамае ёй выжываць. Абстрактная філязофская веда, у літаральным сэнсе, рэзка падае ў цане. Сацыялёгія ж, вызваліўшыся ад філязофіі і разам зь ёй ад абстрактных схемаў і тэорыяў, пераарыентоўваецца на мэтады апытаньняў, якія дазваляюць даваць хуткі эфэкт. Сацыялёгія становіцца магчымая як бізнэс.


Унутраныя адрозьненьні

На пасьляперабудовачны пэрыяд прыпадае канчатковае афармленьне поля сацыялягічнай вытворчасьці з уласным мэханізмам адтварэньня і рэкрутаваньня (сацыялягічная адукацыя), адносна высокай ступеньню камунікацыі ўнутры поля (прафэсійная супольнасьць), а таксама ўнутранымі крытэрамі дыфэрэнцыяцыі.
Поле сацыялёгіі неаднастайнае. У ім, як і ў любым іншым, можна вылучыць пазыцыі дамінуючых і недамінуючых. Крытэры, паводле якіх ажыцьцяўляецца панаваньне і падпарадкаваньне, задаюць шматвымерную структуру поля. Ізноў жа, пункцірна, ад¬значу наступныя пазыцыі па лініі дамінаваньня.
1) Генэрацыйная. Зразумела, што старэйшае пакаленьне (у цэлым) не магло не заняць вышэйшых пазыцыяў, якія агрэгуюць ня толькі сымбалічны капітал (навуковыя годнасьці, ступені), але і адміністрацыйны (пасады), сацыяльны (сувязі), фінансавы (той жа заробак) і г.д. Але больш істотна іншае. Розным пэрыядам гісторыі і поля, і краіны адпавядалі розныя магчымасьці капіталізацыі. У прыватнасьці, нейкі час была магчымасьць абараняць доктарскія дысэртацыі па дакладзе. Такім чынам выходзіла, што некаторыя былі занадта маладыя, а некаторыя занадта старыя, каб скарыстацца гэтай магчымасьцю.
2) Гендэрная. Жанчыны-сацыёлягі па-ранейшаму пераважаюць на пазыцыях выканаўцаў. Існуюць арганізацыі, дзе падначаленымі зьяўляюцца выключна жанчыны. У гэтай сувязі станаўленьне "гендэрнай сацыялёгіі" шмат у чым інсьпіравана жаданьнем стварыць альтэрнатыўны ліфт прафэсійнай мабільнасьці.
3) Тэарэтыкі-эмпірыкі. Тэорыя ў нас дагэтуль высокая, а эмпірызм - паўзучы. У сымбалічным вымярэньні тэорыя выйграе, асабліва падмацоўваючыся матэматычнымі мадэлямі. Быць эмпірыкам (полстэрам - вытворцам апытаньняў) не прэстыжна, і тыя, хто займаецца выключна эмпірычнай сацыялёгіяй, імкнуцца надаць свайму занятку тэарэтычную форму. У самым скрайнім выпадку тэарэтык становіцца вольным мастаком альбо паэтам ад сацыялёгіі. Як ужо адзначалася, генэалягічна гэтыя палюсы бяруць свой пачатак у апазыцыі філязофія-сацыялёгія, калі спроба згуляць на роўных зь філязофіяй афармлялася як "веданьне жыцьця".
4) ВНУ - дасьледчы цэнтар. Гэта адрозьненьне зьвязанае з праблемай рэкрутаваньня, расстаноўка сілаў вызначаецца тым, куды ідуць найлепшыя студэнты. Сёньня праца на катэдры ўяўляецца больш прэстыжнай.
5) Навука/адукацыя - бізнэс. Часткова перакрыжоўваецца з папярэдняй, аднак гаворка ідзе, канечне, аб эканамічным дамінаваньні.
6) Рэгіянальная. У супрацьстаўленьні цэнтру і пэрыфэрыі найбольш істотны інфармацыйны кампанэнт. Дзе-нідзе і Парсанс лічыцца вядучым сучасным сацыёлягам. Спэцыфіка ж сацыялёгіі ў Беларусі палягае ў тым, што апроч супрацьстаўленьня Менску і рэгіёнаў існуе і супрацьстаўленьне Менску і Масквы, дзе Менск, натуральна, адыгрывае падпарадкаваную ролю. Згодна з сфармаванай звычкай прызнаньне сацыёляга Масквой, а тым больш пераезд, азначае ня толькі лепшую легітымізацыю ў беларускім грамадзтве, але і наагул выступае сымбалем жыцьцёвага посьпеху.
7) Адукацыйная. "Жыцьцёвыя шанцы" вышэйшыя ў тых, хто атрымаў сацыялягічную (раней - філязофскую) адукацыю. Адпаведна, чым далейшая атрыманая адукацыя ад сацыялягічнай, тым меншая верагоднасьць прызнаньня ў прафэсійным асяродзьдзі. Магчымыя і выняткі, выкліканыя піетэтам перад строгімі навукамі, у першую чаргу - матэматыкай. Аднак і ў гэтым разе рызыкі па-ранейшаму высокія.
8) СМІ. Ёсьць папулярныя ў СМІ сацыёлягі і зусім невядомыя.
9) Палітычная. Для Беларусі гэта мае асаблівае значэньне. Па сутнасьці, палітычнае адрозьненьне ўлада-апазыцыя ўнутры поля функцыянуе як адрозьненьне паміж "дзяржаўнай" і "незалежнай" сацыялёгіяй. Адназначнае вызначэньне таго, хто пануе, а хто падпарадкоўваецца, абцяжарана тым, што гэта вонкавая для сацыялёгіі рамка, і занадта шмат залежыць ад зьменаў у вонкавым атачэньні. Акрамя таго, працэс структураваньня па палітычнай лініі ў апошнія часы ідзе найбольш інтэнсіўна. З аднаго боку, ажыцьцяўляецца адміністрацыйны ціск, з другога - робяцца і крокі ў адказ [5].
Варта адзначыць, што да ўласна ўнутраных дыфэрэнцыяцыяў поля адносяцца толькі тэорыя/эмпірыя, адукацыйная і часткова ВНУ/дасьледчы цэнтар. Генэрацыйная і гендэрная дыфэрэнцыяцыі зьвязаныя, хутчэй, з кантэкстам чалавечага жыцьця і ягонымі культурнымі дэтэрмінацыямі, рэгіянальная - з соцыякультурнай і гістарычнай спэцыфікай, астатнія вызначаюцца ўзаемадзеяньнем поля сацыялёгіі зь іншымі палямі. Казаць жа пра тыповы для навукі крытэр цытаванасьці, што да сацыялёгіі ў Беларусі, на мой погляд, крыху дачасна, паколькі тая выступае, хутчэй, як даніна павагі навуковаму кіраўніку.
Тым ня менш, зыходзячы з пададзеных крытэраў, пры жаданьні можна намаляваць мадэль дамінуючага агента поля сацыялягічнай вытворчасьці. Рэальнасьць неабавязкова будзе адпавядаць ёй на ўсе сто адсоткаў. Аднак стратэгічна практыкі саміх сацыёлягаў накіраваны на павелічэньне альбо нават агрэгаваньне розных тыпаў капіталаў; кожнае дзеяньне агента накіравана на іх пераразьмеркаваньне, а значыць і трансфармацыю структуры поля; у канчатковым выніку барацьба вядзецца за права легітымна выступаць ад імя беларускай сацыялёгіі.


Парушэньні аўтаноміі

Аналіз структуры поля сацыялягічнай вытворчасьці дазваляе выявіць матывы, якімі кіруюцца сацыёлягі. Зразумела, што праблема ня зводзіцца да пытаньня чысьціні намераў, і любы сацыяльны агент мае свае сацыяльныя інтарэсы. Сацыялягічны ж інтарэс палягае ў тым, каб шляхам пазнаваўчых практык і прэзэнтацыі іх вынікаў прафэсійнай супольнасьці павысіць свой статус унутры поля. У гэтым разе гаворка ідзе пра ўнутраную легітымізацыю.
Але ёсьць і іншы, ня менш эфэктыўны спосаб, які палягае ў звароце да рэсурсаў іншых палёў і вонкавай легітымізацыі ўласнай дзейнасьці. У гэтым выпадку межы поля становяцца празрыстымі, ягоная аўтаномія парушаецца, а ўласная лёгіка функцыянаваньня падмяняецца чужой.
Найбольшае ўзьдзеяньне на сацыялёгію аказвае поле палітыкі. Як ужо адзначалася, сацыялёгія ў сваёй структуры адтварае, па сутнасьці, палітычнае адрозьненьне ўлады і апазыцыі. Адпаведна, сама сацыялёгія становіцца разьменнай манэтай у гэтай барацьбе [6]. Як вынік, палітычная выніковасьць аказваецца больш значэннай, чым правілы мэтаду. Асабліва яскрава гэта выявілася падчас выбараў і рэфэрэндуму 2004 г. З пункту гледжаньня сацыялёгіі, самастойнага значэньня лічбы рэйтынгу ня маюць, але палітычнае пытаньне аб выніках галасаваньня набыло і сацыялягічнае гучаньне.
У інтэрвію радыёстанцыі "Свабода" дырэктар "The Gallup organization / Baltic surveys" Раса Алішаускене кажа [7]:
Атрымліваецца, што 48% ад усіх зарэгістраваных выбарнікаў Беларусі прагаласавалі "за". Калі браць тых, хто галасаваў загадзя, і тых, хто галасаваў сёньня, то датэрмінова ад усіх зарэгістраваных выбарнікаў 13% выказаліся "за", сёньня - 35%. Астатнія альбо не адказалі, альбо прагаласавалі "супраць".
Варта зьвярнуць увагу на апошнюю фразу: "астатія альбо не адказалі, альбо прагаласавалі «супраць»". Ды вынікаў рэфэрэндуму можна ставіцца па-рознаму, але ў любым разе аказваецца, што выснова аб тым, што "Лукашэнку не хапіла 2%", зроблена без дастатковых на тое падставаў. Гіпатэза аб страху, якой часьцяком спэкулююць, абгрунтоўваючы свае неперамогі альбо спасылаючыся на трэкінг-полы, нікім не правераная і мае такое ж значэньне, як і гіпотэза "пра сорам", маўляў, людзям сорамна прызнацца, што яны галасавалі "за", гіпотэза аб "прыроджанай замкнёнасьці", маўляў, ня ваша справа... і г.д. і т.п.
Аднак самай знакавай падзеяй стала зьяўленьне "Экаома" [8]. Відаць, студэнты яшчэ доўга будуць вывучаць мэтодыку складаньня пытаньняў па ўжо сталай клясычнай фармулёўцы: "Што зроблена прэзыдэнтам Беларусі за апошнія 10 гадоў": "вельмі шмат карыснага", "шмат карыснага", "нямала добрага", "мала карыснага", "нічога добрага". Але выснова сумная: сымуляцыя сацыялёгіі можа быць ня менш эфэктыўная, чым сама сацыялёгія. Як паліттэхналягічны праект "Экаом" у найвышэйшай ступені пасьпяховы - выдаткі, пачынаючы з часу на навучаньне і канчаючы затратамі на апытальніцкую сетку і інтэрпрэтацыю атрыманых дадзеных, мінімальныя; нават адзначаны спэцыялістамі НІСЭПД рост даверу да незалежных дасьледнікаў і той быў выкарыстаны для пазыцыянаваньня "Экаома" як незалежнага аналітычнага цэнтру.
З палітычнага гледзішча "Экаом" і незалежныя сацыёлягі - апанэнты, але для поля сацыялёгіі зьяўленьне гэтага праекту ёсьць сымптомам ягонага зьнікненьня. Для так званых "традыцыйных" сацыёлягаў гэта азначыла яшчэ большую залежнасьць ад дзяржавы, паколькі стала выразна прасьвечвацца пэрспэктыва непатрэбнасьці і празьмернасьці сацыялягічных дасьледаваньняў.
Зрэшты, пранікненьне лёгікі палітычнай барацьбы ў поле сацыялёгіі не было імгненнае. Пачынаючы зь зьяўленьня электаральных дасьледаваньняў у беларускай палітычнай прасторы ў 1994 г. да функцыяў сацыялёгіі незалежна ад палітычных арыентацыяў дасьледнікаў дадаліся і легітымізацыя "прагнозных паказьнікаў", і агітацыя на карысьць "адзіна правільнага шляху" [9].
Выкананьне гэтых функцыяў у сваю чаргу патрабавала задзейнічаць рэсурсы СМІ, і тым самым выстаўляла новыя патрабаваньні да сацыялягічнай публіцыстыкі. Для таго, каб быць апублікаваным, тэкст павінен адпавядаць палітыцы рэдакцыі, быць па магчымасьці сэнсацыйным ці, сама меней, злабадзённым, а таксама ён павінен быць зразумелым пастаяннай аўдыторыі. Як правіла, гэта прыводзіла да непазьбежных стратаў у зьмесьце.
Так, да выбараў 2004 г. стала актуальнае пытаньне аб Народнай кааліцыі "5+", і была распаўсюджаная інфармацыя, падрыхтаваная НІСЭПД [10].

Ключ да посьпеху "Кааліцыі 5+" інфармацыя
Табліца 1. Узаемасувязь гатоўнасьці рэспандэнтаў галасаваць на парлямэнцкіх выбарах за кандыдата Народная кааліцыі "5+" і інфармаванасьці аб ёй (у адсотках ад колькасьці апытаных)*

Ці будзеце вы галасаваць за кандыдатаў Народнай кааліцыі "5+"?

Так (28,4)


Не (71,6)


Пэўна/хутчэй так (21,6)

64,1


35,9


Пэўна/хутчэй не (47,4)

21,2


78,8


ЦА/НА (31,0)

14,5


85,5


* Чытаецца па гарызанталі. У дужках падаюцца вынікі па ўсіх апытаных.

Выснова: гатоўнасьць выбарнікаў прагаласаваць на парлямэнцкіх выбарах 17 кастрычніка 2004 г. за кандыдатаў Народнай кааліцыі "5+" наўпрост залежыць ад узроўню інфармаванасьці аб гэтай кааліцыі.

Дадзеныя нацыянальнага апытаньня, праведзенага Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД) у чэрвені 2004-га. Мэтадам face-to-face interview было апытана 1508 жыхароў Беларусі векам ад 18 гадоў. Гранічная памылка рэпрэзэнтацыйнасьці не перавысіла 0,03.
Выснова, зробленая з прыведзеных дадзеных, можа быць пастаўленая пад сумнеў, прынамсі, двума спосабамі.
Зьмястоўна: было б наіўна чакаць ад людзей, непаінфармаваных аб выбарчым блёку, высокага адсотку гатоўнасьці галасаваць за яго. Практыка любых палітычных кампаніяў у якасьці свайго этапу ўлучае ў сябе інфармаваньне і агітацыю за кандыдата ці блёк. У гэтай сувязі выснова трывіяльная і даўно апісаная ў падручніках - інфармаваць трэба ў кожным разе.
І статыстычна. Панятак залежнасьці выкарыстаны некарэкна. Залежнасьць прадугледжвае існаваньне залежнай і незалежнай пераменных, калі вымярэньне незалежнай у адпаведнасьці з пэўнай матэматычнай функцыяй вызначае значэньне залежнай пераменнай. Гэта патрабуе ад сацыёляга выкарыстаньня спэцыяльных статыстычных каэфіцыентаў альбо пабудовы рэгрэсійнай мадэлі, мадэлі шляхавага аналізу і да т.п. У табліцах перакрыжаванага разьмеркаваньня (іначай, "дзьвюхмерках", "кросстабах"), як у дадзеным выпадку, можна толькі зафіксаваць наяўнасьць сувязі паміж пераменнымі. Пры гэтым вызначыць, што на што ўплывае, а таксама і ацаніць узьдзеяньне іншых фактараў немагчыма.
Калі ж разважаць у прычынна-выніковым рэчышчы, то паколькі інфармаванасьць папярэднічае галасаваньню, табліцу трэба чытаць па вэртыкалі. Ведаючы аб'ём выбаркі і працэнтныя разьмеркаваньні, уявіць яе ў такім выглядзе нескладана:
Табліца 2. Узаемасувязь гатоўнасьці рэспандэнтаў галасаваць на парлямэнцкіх выбарах за кандыдата Народная кааліцыі "5+" і інфармаванасьці аб ёй (у адсотках ад колькасьці апытаных)*

Ці будзеце вы галасаваць за кандыдатаў Народнай кааліцыі "5+"?

Так (28,4)


Не (71,6)


Пэўна/хутчэй так (21,6)

48,8


10,9


Пэўна/хутчэй не (47,4)

35,3


52,1


ЦА/НА (31,0)

15,9


37,0



100


100


* Чытаецца па вэртыкалі.

Як відаць з табліцы, 48,8% паінфармаваных аб кааліцыі схільныя прагаласаваць за яе, а 35,3% ня схільныя. У параўнаньні з папярэдняй, гэтая табліца менш эфэктная. Але сацыялягічна - больш зьмястоўная, бо адкрывае магчымасць для пошуку такога паказьніка альбо іх сукупнасьці, якія сапраўды вызначаюць гатоўнасьць галасаваць за блёк. Пры гэтым інфармаванасьць трэба разумець усяго толькі як неабходную, але недастатковую ўмову галасаваньня.
Натуральна, такая інфармацыя мае вельмі далёкія адносіны да "посьпеху кааліцыі". Але паўторымся, сацыялягічны зьмест быў вылегчаны і ўплывам поля палітыкі, і ўплывам поля СМІ. Да гэтага варта дадаць яшчэ адзін немалаважны фактар, а менавіта ўзьдзеяньне эканамічнага поля.
Дзеля таго што сацыялягічныя дасьледаваньні каштуюць дорага, эканоміка так ці іначай уплывае і на пастаноўку праблемаў, і на тэхналёгію працы сацыёляга. У выпадку бюджэтнага фінансаваньня - тут адрозьненьне незалежных і дзяржаўных сацыёлягаў аказваецца дарэчным - сацыялёгія вырачаная на доўгае абгрунтаваньне тэмаў, пастаянныя перабоі зь фінансаваньнем, дасьледаваньні працягласьцю ў месяцы і нават гады і вынікі, атрыманыя толькі для таго, каб не парушаць справаздачнасьці. Рынкавыя адносіны ўводзяць прынцып канкурэнтнай барацьбы паміж сацыялягічнымі службамі, ператвараючы іх у прадпрыемствы па вытворчасьці апытаньняў і аказаньні сацыялягічных паслуг. Ува ўмовах рынку выжываюць тыя, каму ўдалося зьвесьці выдаткі, галоўным чынам - часавыя, да мінімуму. А гэта прыводзіць да пэўнай тэхналягізацыі ў працы, арыентацыі на правядзеньне апэратыўных дасьледаваньняў і выкарыстаньне ў апрацоўцы і аналізе атрыманых зьвестак найбольш простых і павярхоўных мэтадаў.
Запыт на правядзеньне падобных дасьледаваньняў фармуецца альбо палітыкамі падчас палітычных кампаніяў, альбо бізнэсоўцамі, зацікаўленымі ў пошуку спажыўца. Супольным месцам электаральных і маркетынгавых дасьледаваньняў стала інфармацыя пра патрэбы, і прынцыповай розьніцы паміж дасьледаваньнем іміджу палітыка і папулярнасьці брэнду няма. Усё падпадарадкоўваецца адной лёгіцы, якую Бадрыяр назваў лёгікай рэфэрэндуму:
Мы жывём у рэжыме рэфэрэндуму - менавіта таму, што болей няма рэфэрэнцыі. Кожны знак, кожнае паведамленьне (...) уяўляецца нам як пытаньне/адказ. Уся сыстэма камунікацыяў перайшла ад складанай сынтаксычнай структуры мовы да бінарна-сыгналітычнай сыстэмы пытаньне/адказ - сыстэмы няспыннага тэставаньня. Між тым вядома, што тэст і рэфэрэндум уяўляюць сабой ідэальныя формы сымуляцыі: адказ падказваецца пытаньнем, загадзя мадэлюецца/азначаецца ім. Такім чынам, рэфэрэндум - гэта заўсёды ня што іншае, як ультыматум: аднабаковае пытаньне, якое анікога болей не пытае, а само адразу навязвае пэўны сэнс, чым і канчаецца цыкль [11].
І далей:
...тэст альбо рэфэрэндум ператвараюць любы канфлікт альбо праблему ў гульню пытаньняў/адказаў; рэальнасьць, якую вы тэстуеце, у адказ і сама тэстуе вас з дапамогай той самай сеткі пытаньняў, і вы дэкадуеце яе па тым жа самым кодзе, які ўпісаны ў кожнае яе паведамленьне альбо рэч, нібыта мініятурны генэтычны код [12].

Адносіны эканамічнага поля - замоўца і падрадчык - знаходзяць свой эквівалент і ў адміністрацыйным полі, ператвараючыся ў адносіны начальнік-падначалены.
Узьдзеяньне замоўцы, г.зн. кіраваньне навукай, ідзе з многіх пунктаў, галоўным зь якіх ёсьць ВАК. Яе новая палітыка, пацьверджаная ўказам прэзыдэнта ад 17.11.2004, накіравана на тое, каб зрабіць навуку і навукоўцаў кіраванымі. Асаблівую значнасьць, з-за палітычнай важнасьці сацыялягічных дасьледаваньняў, яна мае для сацыялёгіі.
У 2003 г. у Менску выйшлі адразу дзьве энцыкляпэдыі сацыялёгіі, дагэнуль была надрукаваная цэлая сэрыя філязофскіх слоўнікаў у рамках праекту А. Грыцанава "Гуманітарная энцыкляпэдыя". Аб'ём тэкстаў, прыдатных для выкарыстаньня ў дысэртацыях, рэзка ўзрос. Сытуацыя магла б стаць некіраванай, калі б ня новыя правілы, паводле якіх [13].
Спаборнік навуковай ступені кандыдата навук павінен мець ня менш за тры навуковыя артыкулы, надрукаваныя ў навуковых выданьнях, улучаных у пералік выданьняў, альбо ў замежных навуковых выданьнях.
Спаборнік навуковай ступені доктара навук павінен мець публікацыі ў навуковых выданьнях, улучаных у пералік выданьняў, і ў замежных навуковых выданьнях: па гуманітарных навуках - ня менш за 15 артыкулаў і асабіста напісаную манаграфію.
Кандыдат навук можа быць прызначаны навуковым кіраўніком, калі ён мае стаж навуковай альбо навукова-пэдагагічнай працы пасьля абароны дысэртацыі ня менш за 3 гады і надрукаваў за апошнія 3 гады ня менш за 6 працаў у навуковых выданьнях, улучаных у пералік навуковых выданьняў Рэспублікі Беларусі для апублікаваньня вынікаў дысэртацыйных дасьледаваньняў, які зацьвярджаецца ВАК (далей - пералік выданьняў), альбо ў замежных навуковых выданьнях.
У Беларусі існуе адзіны сацыялягічны часопіс, уключаны ў пералік выданьняў, галоўны рэдактар якога - намесьнік старшыні ВАК. Фактычна, абарона па сацыялёгіі становіцца немагчымай, калі, вядома, не друкавацца ў часопісах па "сумежных" галінах, такіх як "Хлебопек" альбо "Трение и износ".
Зь іншага боку, было б памылкай уяўляць сацыялёгію ў адміністрацыйным полі як заложніцу бюракратычнай сваволі. Сацыялёгія ўбудавана ў яго як мэханізм зваротнай сувязі. Да прыкладу, і ў дзяржаўных і, да апошняга часу, у недзяржаўных ВНУ стала звыклай практыкай апытваць студэнтаў наконт іх ацэнак выкладчыкаў і праслуханых курсаў. Усё гэта робіцца зь велічнай мэтай павысіць эфэктыўнасьць адукацыйнага працэсу. Але насамрэч такія апытаньні толькі пераразьмяркоўваюць адказнасьць і сымулююць студэнцкае самакіраваньне. Задамося пытаньнем, якой павінна быць кампэтэнцыя таго, хто адказвае, для таго, каб ён мог адэкватна ацаніць курс? Відаць, ён павінен мець глыбокія веды як у зьмесьце курсу, так і мэтодыцы выкладаньня, пэдагогіцы і г.д. Але праблема ў тым, што студэнт таму і студэнт, што ў яго няма гэтых ведаў, ён вучыцца, то бок атрымлівае адукацыю. Таму гэтыя ацэнкі абумоўліваюцца эмацыйным успрыняцьцем выкладчыка на ўзроўні падабаецца / не падабаецца, добры / злы, справядлівы (ставіць "выдатна") / несправядлівы (ставіць "незадавальняльна"). А калі б сапраўды трэба было ацаніць сыстэму адукацыі, то падобныя апытаньні варта было б праводзіць сама меней гады праз два пасьля заканчэньня ВНУ.
У шырэйшым сэнсе, інфармацыя аб настроях грамадзтва неабходна чыноўніку толькі для карэгаваньня рэалізацыі ўжо прынятага адміністрацыйнага рашэньня. У 2000 г. расейскі фонд "Общественное мнение" праводзіў апытаньне экспэртаў, якія працуюць з грамадзкай думкай. Паводле ягоных вынікаў выявілася, што "грамадзкая думка прадстаўлена не інтэлектуальнымі канструктамі, а сыгналамі, што сьведчаць пра стан грамадзтва (групы насельніцтва), пераважна - аб неспрыяльным стане" [14]. Гэта ня больш як "трывожны сьвісток" - калі ён гучны і калі на яго зьвернуць увагу, - здольны прывесьці да таго, што ўлада зробіць нейкія крокі для ліквідацыі прычыны трывогі. Але ў чым там справа, што трэба зрабіць і г.д. - гэта, на думку рэспандэнтаў, вырашае ўлада, у "сьвістку" гэтыя сэнсы не закладзеныя [15].
У Беларусі такая мадэль выкарыстаньня грамадзкай думкі была ў дакладнасьці рэалізаваная ў сытуацыі з тэлеканалам "Культура". Пасьля спыненьня яго трансьляцыі і нэгатыўнай рэакцыі на тэлеканал "Лад", пра што прасыгналілі сацыёлягі, рашэньне ўладаў было адкарэктаванае, але не скасаванае.


Глядзець працяг

free counters
comments: Оставить комментарий Previous Entry Поделиться Next Entry


kolik8
Subject:Некоторые реакции и ответы
Link:(Link)
Time:2006-04-04 10:28 am
"ARCHE". - 2005. - № 6 (40):
ЮРЫ ДРАКАХРУСТ Сэанс чорнай магіі і яе выкрыцьцё
http://arche.bymedia.net/2005-6/drakachrust605.htm

Мой ответ: МІКОЛА КАЦУК «...Калі ж ён злачынца, дык насамперш трэба крычаць: «Ратуйце!»
http://arche.bymedia.net/2005-6/kacuk605.htm

Там же: Фрагмэнты абмеркаваньня аналізу Міколы Кацука «Міты беларускай сацыялёгіі» (с форума belintellectuals.com)
http://arche.bymedia.net/2005-6/kacuk2605.htm

"ARCHE". – 2006. - № 1,2 (41,42)
АЛЕНА ГАПАВА Міты пра міты беларускай сацыялёгіі
http://arche.bymedia.net/2006-1/hapava106.htm

(Ответить) (Thread)

[icon] Мифы белорусской социологии... - Социология в Беларуси — ЖЖ
View:Свежие записи.
View:Архив.
View:Друзья.
View:Личная информация.